ПРЭЗІ́ДЫУМ ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

пастаянна дзеючы орган Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1938—90, падсправаздачны яму ва ўсёй сваёй дзейнасці. У межах, прадугледжаных канстытуцыяй, ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады рэспублікі ў перыяд паміж яго сесіямі. Выбіраўся з дэпутатаў у складзе старшыні, 2 яго намеснікаў, сакратара і 15 членаў. Рашэнні Прэзідыума па большасці пытанняў прымаліся ў форме ўказаў або пастаноў і не патрабавалі наступнага разгляду і зацвярджэння іх Вярх. Саветам. Аднак канстытуцыя прадугледжвала шэраг пытанняў, вырашэнне якіх патрабавала абавязковага зацвярджэння на чарговых сесіях Вярх. Савета. Вярх. Савет 12-га склікання (1990—94) скарэкціраваў паўнамоцтвы Прэзідыума. Ён застаўся пастаянна дзеючым органам Вярх. Савета, які забяспечваў арганізацыю яго работы і ажыццяўляў інш. паўнамоцтвы ў межах, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і законам, аднак ужо не ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. У склад Прэзідыума ўваходзілі Старшыня Вярх. Савета, яго 1-ы нам. і намеснікі, дэпутаты Вярх. Савета і ў парадку, прадугледжаным рэгламентам Вярх. Савета. Прэзідыум узначальваў Старшыня Вярх. Савета. З увядзеннем пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь значная частка паўнамоцтваў адышла да Прэзідэнта. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, такога органа не прадугледжвае. Старшынямі Прэзідыума Вярх. Савета былі Н.​Я.​Наталевіч (1938—48), В.​І.​Казлоў (1948—67), С.​В.​Прытыцкі (1968—71), Ф.​А.​Сурганаў (1971—76), І.​Я.​Палякоў (1977—85), Г.​С.​Таразевіч (1985—89), М.​І.​Дземянцей (1989—90); работай Прэзідыума кіравалі Старшыні Вярх. Савета Дземянцей (1990—91), С.​С.​Шушкевіч (1991—94), М.​І.​Грыб (1994—96), С.​Г.​Шарэцкі (1996).

М.​І.​Дзянісаў.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)